ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,
ступень насычанасці паветра вадзяной парай; паказчык надвор’я і клімату. Залежыць ад шыраты мясцовасці (у палярных шыротах вадзяной пары 0,2% аб’ёму паветра, у экватарыяльных 2,5—4%), сезона года, т-ры паветра і інш. Уплывае на транспірацыю і рост раслін, выпарэнне з глебы і вадаёмаў, цеплаабмен і самаадчуванне чалавека, лячэнне хвароб; улічваецца пры буд-ве, захоўванні твораў мастацтва, кніг і інш. Характарызуецца абсалютнай вільготнасцю паветра (на Беларусі вагаецца ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ і больш летам) і адноснай вільготнасцю (ад 10—20% у сухія дні летам да 88—90% у вільготныя дні ў ліст.—снеж. і 100% у тумане), пругкасцю вадзяной пары (ад 5 гПа у снеж.—лют. да 14—15 гПа у ліп.), дэфіцытам вільготнасці або недахопам насычэння (ад 0,4—0,7 гПа у снеж.—лют. да 6—7,8 гПа у чэрв.), а таксама пунктам расы.
т. 4, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)